Казка пра апошнюю фартэцыю краіны

Мир

Даўным даўно ў глыбіні стагоддзяў недзе на ўскрайку Сусвету, аднак у самым цэнтры Еўропы, была краіна. У краіне гэтай не было ні акіянаў, ні гор, ні газу, ні нафты, нават сонечных дзён здаралася многа менш за пахмурных, аднак людзі з гэтага не гаравалі, а жылі весела і шчасліва, бо яны ведалі, што галоўнае на свеце – «абы вайны не было».

І вось аднойчы абралі людзі сабе князем балабола, які абяцаў зімой – снег, летам – сонца, ноччу – зоры, а ўсім грамадзянам – папяццот. Скарыстаўся гэты князь лагоднасцю свайго народу, ды захапіў у краіне усё – і сонца, і снег, і зоры, і папяццот, і грамадзянаў зрабіў сваімі прыгоннымі. Да, што тут казаць, захапіў не ўсё ў краіне, а нават саму краіну. Да акупацыі яна была буйной еўрапейскай дзяржавай, а потым ператварылася ў нейкі маленькі шматок зямлі без нацыянальных сымбаляў і без назвы. Краіна стала банкрутам.

Зразумеў акупант, што канец яго блізкі, і вырашыў звярнуцца да Д’ябла.

– Забірай, – кажа ён Д’яблу, – маю душу, усё што хочаш бяры, толькі дай мне крыху снега, сонца ды ланцугоў, каб людзі не бунтавалі, а калі пачнуць, дык я іх на ланцуг і пасаджу.

Доўга Д’ябл рыхтаваў пагадненне з акупантам аб продажу душы, шмат разоў перапісваў, змяняў адны артыкулы іншымі. У выніку, усё падпісалі. А куды дзявацца – ланцугі ж патрэбны.

Акупант узрадаваўся, што змог зноў падмануць Д’ябла, бо насамрэч няма ж у яго аніякай душы.

Д’ябл выклікаў нашага акупанта да сябе, крычаў на яго і дрыгаў сваімі кароткімі ножкамі, што вельмі весяліла акупанта. Але, як кажуць, ня доўга музыка іграла… Хутка высветлілася, што ў 31-м пункце дамовы маленькімі літарамі было напісана – калі ў акупанта не будзе знойдзена душа, Д’яблу ў валоданне пераходзіць усё, што ёсць ў акупанта. А як мы ведаем, застаўся ў яго толькі маленькі шматок зямлі ды прыгнечаны народ на ім.

Вусы ў акупанта абвіслі, а Д’ябл усміхнуўся, дастаў з шуфлядкі контурную мапу, надрэзаў сабе палец ды пачаў кроўю абводзіць межы некалі шчаслівай краіны, каб прыядцаць яе да свайго Пекла.

Страшэнная казка, праўда? Але слухаце, што было далей.

Раптам кроў Д’ябла пазелянела, а рука пачала адсыхаць. Ён уціснуўся ў крэсла, ухапіўся адсыхаючай рукой за край стала ды люта закрычаў:

– Захапіць! Знішчыць! Зруйнаваць! Усё! Усіх! Спаліць гэты свет маланкамі!

А справа ў тым, што ў цэнтры некалі шчаслівай краіны ёсць мястэчка, ў якім стаіць прыгожы замак, і бароніць гэты замак краіну ад Д’ябла. Як вы здагадаліся, назва гэтага мястэчка такая, што ў Пекле яе забаронена не толькі вымаўляць, але нават пісаць і думаць аб гэтым нельга. Не можа гэтае мястэчка прыяднацца да Пекла, бо ў гэтым выпадку Пекла знікне.

– Пачакай, – скажаце вы, – а што там з маланкамі? Ён жа зараз усё знішчыць!

А наконт маланак, вы будзеце смяяцца, Д’ябл так у сваім Пекле адарваўся ад свету, што нават не ведаў аб тым, што маланкамі на Зямлі ведае не ён, а Пярун, якога з даўніх часоў жыхары краіны шанавалі, і які, разабраўшыся ў сітуаціі, вырашыў даслаць свае маланкі, аднак не ў некалі шчаслівую краіну, а непсарэдна ў Пекла.

І падгарае цяпер і ў бяздушнага акупанта, і ў яго пякельнага гаспадара.

– А людзі?

Людзі капаюць роў на мяжы з Пеклам ды адбудоўваюць навакольны свет, каб зноў жыць весела ды шчасліва. Абы вайны не было!