Ліст з ТБМ.

Шаноўныя сябры!
Неўзабаве чарговы чэмпіянат свету па футболе. Дык запатрабуем ад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі забяспечыць каментарыі да матчаў па-беларуску. Кожны з нас можа такім чынам пазмагацца за беларускасць. Такім чынам, напішыце самі і парайце сябрам напісаць ліст да наступных службоўцаў Белтэлерадыёкампаніі:
 
Аляксандру Леанідавічу Зімоўскаму,
Старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай
тэлерадыёкампаніі,
Белтэлерадыёкампанія
вул. Макаенка, 9,
Мінск, 220807

Герстэну Барысу Ізідоравічу,
Дырэктару
Дырэкцыі спартовага вяшчання,
Дырэкцыя спартовага вяшчання, Белтэлерадыёкампанія,
вул. Макаёнка,9,
Мінск, 220807
 
Навіцкаму Уладзіміру Мікалаевічу,
Загадчыку аддзелам тэлекаментатараў
Дырэкцыя спартовага вяшчання, Белтэлерадыёкампанія,
вул. Макаёнка,9,
Мінск, 220807
 
Вы можаце напісаць свой тэкст або скарыстацца

прапанаваным ніжэй варыянтам:

Паважаны … ,
 
Дазвольце падзякаваць вам за сістэматычнае пашырэнне спартыўнага вяшчання на каналах БТ і ЛАД. Да таго ж, прыемна адзначыць правільнасць выбару актуальных спаборніцтваў. У той жа час, мяне вельмі засмучае амаль поўная адсутнасць беларускамоўных каментарыяў гэтых спаборніцтваў.
Дазвольце Вам нагадаць, што беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь, якую, згодна апошняга перапісу, лічаць сваёй адзінай роднай мовай 76% насельніцтва краіны.
Мне з прыемнасцю стала вядома, што матчы чарговага чэмпіянату свету па футболе таксама будуць трансляваць Вашыя каналы. З гэтай нагоды, я звяртаюся да Вас з прапановай рабіць каментарыі гэтых, а таксама ўсіх іншых спартовых спаборніцтваў, на нашай з Вамі роднай беларускай мове. Такая Ваша пазіцыя будзе цалкам адпавядаць выказванню Кіраўніка нашай дзяржавы: “На Беларусі ніколі не перасохнуць крыніцы народнай мудрасці, таленту, любові да роднай мовы, культуры і традыцый Бацькаўшчыны”.
 
Загадзя ўдзячны,
Ваша імя